Беларуская Служба

КДК прызнаў правал мадэрнізацыі цэментных заводаў, у якія ўклалі 1 млрд долараў

11.09.2019 16:16
Старшыня КДК: Заводы неабгрунтавана звяртаюцца да пасярэднікаў як пры куплі сыравіны і матэрыялаў, так і пры рэалізацыі цэменту, асабліва на ўнутраным рынку. 
Аўдыё

Камітэт дзяржаўнага кантролю прызнаў фактычны правал мадэрнізацыі цэментных заводаў. Укладзеныя ў гэтую праграму дзяржаўныя сродкі не прынеслі належнай аддачы. Пра гэта старшыня КДК Леанід Анфімаў заявіў на пасяджэнні калегіі ведамства, інфармуе «Еўрарадыё».

«На мадэрнізацыю цэментных заводаў дзяржавай затрачаны каласальныя сродкі – больш за 1 млрд долараў, на сотні мільёнаў долараў была аказана дзяржаўная падтрымка. Чаканай аддачы ад гэтых сродкаў пакуль няма», – прыводзіць БелТА словы Анфімава.

Сёлета, па словах чыноўніка, пасля чарговай дзяржпадтрымкі па асобных паказчыках назіраецца паляпшэнне, але сітуацыя ў цэлым дрэнная. Заводы не здолелі цалкам аднавіць плацежаздольнасць і фінансавую ўстойлівасць. «А паколькі даўгі заводаў адтэрмінаваныя, сумы выплат па пагашэнні абавязацельстваў будуць расці з кожным годам», – дадаў старшыня КДК.

Анфімаў заявіў, што заводы неабгрунтавана звяртаюцца да пасярэднікаў як пры куплі сыравіны і матэрыялаў, так і пры рэалізацыі цэменту, асабліва на ўнутраным рынку. Страты заводаў ён ацаніў у мільёны рублёў.

На сёння ў Беларусі існуе тры прадпрыемствы, якія вырабляюць цэмент: ААТ «Краснасельскбудматэрыялы», ААТ «Беларускі цэментны завод» і ААТ «Крычаўцэментнашыфер». Яны ўваходзяць у холдынг «Беларуская цэментная кампанія». У 2012-2013 гадах на гэтых заводах адбылася мадэрнізацыя і ўвядзенне сучасных ліній па вытворчасці цэменту сухім спосабам. На мадэрнізацыю трох прадпрыемстваў было выдаткавана каля 1,1 млрд долараў.

вс