Беларуская Служба

Беларусаў заклікаюць падпісаць петыцыю за ўвядзенне ў школьную праграму беларускай лацінкі

16.10.2019 16:08
Лацінскія літары ўжываліся для запісу тэкстаў на беларускай мове здавён – прынамсі з XVI стагоддзя.
Школьнікі ў Беларусі не ведаюць беларускай лацінкіфота: Pixabay/Counselling/Creative Commons

На сайце Petitions.by больш за дзве сотні карыстальнікаў падпісалі зварот да Міністэрства адукацыі за вывучэнне беларускай лацінкі ў школах.

У звароце напісана: «Мы, грамадзяне Беларусі, просім дадаць у прадмет беларускай мовы гадзіны па вывучэнні беларускага лацінскага алфавіта і правілаў яго напісання. Беларуская лацінка з'яўляецца неадʼемнай часткай беларускай мовы, якую цяпер выкарыстоўваюць для пазначэння вуліц, аўтобусных прыпынкаў і станцый метро. Лічым недарэчным той факт, што ў школьнай праграме пра гэты алфавіт няма ні слова. У выніку, многія беларусы яе не разумеюць. Уключэнне ў школьную праграму мінімуму па знаёмстве з беларускай лацінкай гэтак жа дазволіць лепш разумець граматыку іншых славянскіх моў на лацінскім алфавіце (польскую, чэшскую і іншыя).
Беларуская лацінка адкрывае для нашай мовы новыя гарызонты па камунікацыі з іншымі краінамі славянскай моўнай групы і не толькі. Амаль для любога замежніка лацінскі алфавіт нашмат болей звычны, чым кірыліца».

Лацінскія літары ўжываліся для запісу тэкстаў на беларускай мове здавён – прынамсі з XVI стагоддзя рабіліся спробы перадаць беларускія гукі паводле правілаў польскай арфаграфіі, каб уключыць беларускія словы ў польскія і лацінскія тэксты, – дадае Свабода. Адзін з самых вядомых прыкладаў ужывання лацінкі – газета «Мужыцкая праўда» Кастуся Каліноўскага, якая распаўсюджвалася ў час паўстання 1863–1864 гадоў. Таксама на пачатку XX стагоддзя лацінкай выдаваліся «Наша доля», «Наша ніва» і «Гоман», шэраг кніг, у тым ліку «Гусляр» Янкі Купалы.

У канцы 1920-х з’явіліся першыя спробы ўнармаваць правапіс лацінкай. Варыянт лацінкавага алфавіту ўключыў у сваю «Граматыку» Браніслаў Тарашкевіч. Сучасны выгляд лацінка набыла ў 1962 годзе, яго прапанаваў Ян Станкевіч. У 2000 годзе на аснове беларускай лацінкі была створана афіцыйная інструкцыя па транслітарацыі геаграфічных назваў, адаптаваная пад «школьны» правапіс.

нг