Завод планіруе наведаць Аляксандр Лукашэнка, піша «Наша Ніва».
Беларускі кіраўнік летась некалькі разоў уздымаў «лыжнае пытанне». Так, мінулай восенню ён наведаў выставу зімовай тэхнікі, спартыўнага інвентару і музычных інструментаў айчыннай вытворчасці. Тады ён застаўся незадаволены прадукцыяй, якую вырабляюць у Целяханах. «Сам коўзайся на іх, – сказаў Лукашэнка Віктару Шэйману, кіраўніку спраў Адміністрацыі прэзідэнта. Аднак сёлета зімою Лукашэнка паабяцаў, што ў Беларусі хутка з’явяцца свае якасныя лыжы.
Беларускі кіраўнік даў на гэта чыноўнікам адзін год. І вось, у лістападзе ў Целяханах адкрыюць новы цэх па вытворчасці лыж. Цяпер замест драўляных будуць выпускаць пластыкавыя лыжы.
«Цяпер ідзе падрыхтоўка, у пачатку лістапада плануецца запуск вытворчасці, – паведамілі «Нашай Ніве» на прадпрыемстве. – Адкрыецца цэх, дзе будуць выпускаць лыжы па новай тэхналогіі. Цяпер – з пластыку». Персанал часткова перавучылі, часткова набралі новых.
Таксама на прадпрыемстве пацвердзілі, што на ўрачыстым адкрыцці цэха чакаецца Лукашэнка. Дакладныя тэрміны візіту пакуль невядомыя, але чакаецца, што Лукашэнка наведае Целяханы з 4 па 8 лістапада.
юл