У пятніцу 22 лістапада ў Вільні адбудзецца цырымонія дзяржаўнага перапахавання нацыянальнага героя Беларусі, Літвы і Польшчы Кастуся Каліноўскага і іншых удзельнікаў вызвольнага паўстання 1863–1864 гг. У цырымоніі возьмуць удзел арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч і прадстаўнікі Касцёла ў Беларусі, паведамляе сайт catholic.by.
Падчас працаў па ўмацаванні схілаў гары Гедыміна ў Вільні, якія вяліся са студзеня 2017 года, былі выпадкова знойдзены пахаванні. У выніку праведзеных даследаванняў пацвердзілася прыналежнасць знойдзеных парэшткаў удзельнікам вызвольнага паўстання пад кіраўніцтвам Кастуся Каліноўскага, якія былі пакараныя смерцю царскімі сатрапамі на Лукішскай плошчы.
У выніку далейшых пошукаў былі выяўлены парэшткі дваццаці кіраўнікоў і ўдзельнікаў паўстання, якія будуць перапахаваныя на могілках Роса ў Вільні. У цырымоніі дзяржаўнага перапахавання возьмуць удзел кіраўнікі Літвы і Польшчы, а таксама прадстаўнічая дэлегацыя Беларусі.
Паўстанне 1863–1864 гг. засталося ў памяці нашых народаў як сімвал самаахвярнага змагання за грамадзянскія правы і рэлігійную свабоду.
Жадаючыя ўзяць удзел у перапахаванні кіраўнікоў і ўдзельнікаў паўстання пад кіраўніцтвам Кастуся Каліноўскага могуць атрымаць ільготную візу ў консульскім аддзеле пасольства Літоўскай Рэспублікі ў Беларусі.
Дзеля гэтага да 5 лістапада неабходна прайсці індывідуальную рэгістрацыю, даслаўшы анкету на электронную пошту k1@urm.lt.
Жыхары Гродзенскай і Брэсцкай вобласцяў звяртаюцца ў Генеральнае консульства Літоўскай Рэспублікі ў Гродне.
аз