29 кастрычніка ў Мінску ў 19.00 каля галоўнага будынка КДБ пройдзе традыцыйны (ужо 5-ы) Ланцуг памяці ахвяр сталінізму. У падвалах пад гэтым будынкам і ў турме за ім катавалі і забілі тысячы невіноўных людзей.
Пра гэта ў сваім Фэйсбуку паведаміў Мікалай Статкевіч. «Праз сталінскія рэпрэсіі па розным ацэнкам прайшлі ад 600 тысяч да 1,5 мільёна беларусаў. Дзясяткі тысяч з іх былі расстраляныя. Непараўнальна болей загінула ў Гулагу ці на «пасяленнях» ў тундры, куды крыху больш заможных сялян высылалі сем'ямі. Малыя дзеці там гінулі ўсе. Іх нават не лічылі. Наш чалавечы абавязак і сумленне не дазваляюць забыцца пра нявінных ахвяр», – запрашае Статкевіч.
Да пачатку Ланцуга памяці насупраць будынку КДБ каля сквера Дзяржынскага (паміж дамамі 16 і 18 па пр. Незалежнасці) адбудзецца агітацыйны пікет кандыдата ў дэпутаты, сустаршыні Руха салідарнасці «Разам» Алены Талстой. Пікет будзе прысвечаны ахвярам НКВД. Ён пачнецца ў 18.00 і будзе месцам збора ўдзельнікаў Ланцуга памяці, які пачнецца гадзінай пазней.
«Запрашаюцца ўсе, каму гэта важна. Прыносьце з сабой свечкі ці знічы. І не бойцеся. Наш страх і пакора толькі спакушаюць нашчадкаў катаў. 37-ы год можа вярнуцца, калі мы ім дазволім», – піша Мікалай Статкевіч.
ав