У Афіцыйным часопісе Еўразвязу 18 лістапада апублікаванае рашэнне Рады ЕЗ аб падпісанні з Беларуссю пагаднення аб спрашчэнні візавага рэжыму - паведамляе сайт Naviny.by.
«Падпісанне ад імя ЕЗ пагаднення аб спрашчэнні выдачы віз паміж Еўрапейскім звязам і Беларуссю з гэтага моманту дазволена, як толькі будзе завершана падрыхтоўка яго тэксту. Тэкст пагаднення будзе апублікаваны разам з афіцыйным рашэннем аб яго падпісанні», – гаворыцца ў дакуменце.
Адзначана, што старшыня рады павінен прызначыць асобу, упаўнаважаную падпісаць пагадненне ад імя Рады ЕЗ.
Варта адзначыць, што аналагічнае рашэнне па пагадненні аб рэадмісіі, якое павінна быць падпісана адначасова з візавым пагадненнем, пакуль не прынята.
Перамовы аб спрашчэнні візавага рэжыму і рэадмісіі ЕЗ і Беларусь вядуць з 2014 года. 12 ліпеня гэтага года Афіцыйны часопіс ЕЗ апублікаваў рашэнне Рады Еўразвязу аб унясенні змяненняў у Візавы кодэкс, якія прадугледжваюць у тым ліку павышэнне кошту шэнгенскіх віз да 80 еўра. Прымяняць новы візавы збор пачнуць з 2 лютага 2020 года.
У прадстаўніцтве ЕЗ у Беларусі БелаПАН раней растлумачылі, што, незалежна ад даты заключэння візавага пагаднення паміж Беларуссю і ЕЗ, пасля яго ўступлення ў сілу кошт шэнгенскіх візаў для Беларусі складзе 35 еўра.
нг