21 лістапада ў Брэсце Уладзіміра Чудзянцова знялі з цягніка ў Варшаву. Журналіста затрымалі на пункце пропуску Брэст-Цярэспаль. Падрабязнасці гісторыі распавёў „Нашай Ніве” журналіст Раман Пратасевіч.
„Чудзянцоў казаў мне, што знайшоў нейкую афіцыйную працу ў Варшаве. Атрымаў візу, і 21 лістапада сеў на цягнік да Варшавы, які ідзе праз Брэст. Там кароткая перасадка, падчас якой Чудзянцоў напісаў мне, што выйдзе на сувязь ужо калі пераедзе мяжу з Польшчай. Але на сувязь ён так і не выйшаў. У Варшаве яго сустракаў знаёмы — у цягніку Чудзенцова не было”, — распавёў Пратасевіч.
Брэсцкая міліцыя пакуль што не пацвердзіла, што журналіст затрыманы.
Па інфармацыі Пратасевіча, Чудзянцоў знаходзіцца ў ізалятары часовага ўтрымання Ленінскага раёна Брэста.
Уладзімір Чудзянцоў займаецца журналістыкай з 1990-х. Тады ён займаўся пралукашэнкаўскай прапагандай. З цягам часу, змяніўшы прозвішча, уладкаваўся на Tut.by. Пасля звальнення заснаваў клікбэйтны сайт by24.org, заняў радыкальную антырасійскую пазіцыю. Апошнім часам хадзілі чуткі, што менавіта Чудзянцоў дапамагаў весці тэлеграм-канал „Нехта” Сцяпану Пуціле.
аз