Беларуская Служба

У Беларусі бракуе дзесяткі тысяч працаўнікоў

24.11.2019 09:03
Служба занятасці запусціла агульнарэспубліканскі кірмаш вакансіяў.
Здымак мае ілюстрацыйны характарObraz Aksel Lian z Pixabay/CC0

У Беларусі цяпер не хапае амаль 95 тысяч работнікаў, паведамляе TUT.by. Каб знайсці работнікаў, наймальнікі ўпершыню ладзяць рэспубліканскі электронны кірмаш. Сярод прадпрыемстваў, якія будуць аддалена шукаць працоўныя кадры, – будаўнічыя трэсты, шпіталі, аўтобусныя паркі.

Шукаць работнікаў на электронных кірмашах вакансіяў будуць 85 прадпрыемстваў і арганізацыяў.

Паглядзець гэтыя прапановы можна ўжо цяпер на сайце дзяржаўнай службы занятасці. Падчас самай кірмашу можна задаць наймальніку пытанні, адправіць рэзюмэ і дамовіцца на рэальнае сумоўе.

Першы электронны кірмаш вакансіяў прайшоў у снежні 2018 гадоў у Менску. Тады не абышлося без збояў. У сталічнай службе занятасці гэта патлумачылі тым, што наймальнікі не былі гатовыя: саіскальнікі заяўлялі пра сябе, высылалі рэзюмэ, але адказу не атрымлівалі.

Цяпер электронныя кірмашы вакансіяў пройдуць 25 і 26 лістапада ў Баранавіцкім раёне, 26 і 27 лістапада – у Гродне і Лідскім раёне. 27 лістапада электронны кірмаш вакансіяў зладзяць у Полацкім раёне ды Слуцкім раёне. 27 і 28 лістапада – у Слоніме, 28 лістапада – у Крычаве, Бабруйску, Асіповічах.

Пры гэтым колькасць вакансіяў, якія наймальнікі маюць намер прапанаваць саіскальнікаў, прыкметна адрозніваецца па раёнах і гарадах. Да прыкладу, у Ваўкавыскім і Барысаўскім раёнах працадаўцы прапануюць па 37 вакансіяў, у Лідскім – 75, у Полацкім – 60.

юл