На прыступках Палаца Рэспублікі прайшоў несанкцыянаваны мітынг праціўнікаў інтэграцыі з Расіяй, паведамляюць naviny.by. Яго адкрыў ініцыятар акцыі Павел Севярынец. Затым слова ўзяў пісьменнік Уладзімір Арлоў. «Мне ў сваім жыцці давялося сустрэцца з каталонцамі, баскамі, курдамі. Усе яны казалі, што ў нас у краіне не ўсё ў парадку, але яны зайздросцяць нам, таму што ў нас ёсць незалежная краіна, а ім трэба за яе змагацца», – заявіў Арлоў.
Выступ Арлова двойчы перапыняў маёр з мегафонам, які аб'яўляў, што акцыя несанкцыянаваная, і заклікаў разысціся, паведамляе БелаПАН.
Перад прысутнымі таксама выступіў апазіцыйны палітык Вячаслаў Сіўчык. «Расія спрабавала навязаць нам нелегітымную саюзную дзяржаву, але ўсяму ёсць канец. Тое, што 8 снежня Лукашэнка і Пуцін яшчэ нават не дамовіліся (па інтэграцыі), гэта паказчык таго, што ў Беларусі ўсё будзе добра, калі ў беларусаў хопіць волі абараніць сваю краіну», – заявіў ён.
Дэманстранты збіралі подпісы пад зваротам да Румасу з патрабаваннем рассакрэціць дарожныя карты інтэграцыі.
На прыступках Палаца Рэспублікі таксама выступілі Максім Вінярскі, Алена Таўстая, Пятро Садоўскі і іншыя ўдзельнікі акцыі.
Сёння на акцыю выйшлі некалькі сотняў чалавек. Першы дзень акцыі прайшоў учора.
ав