Палітыка пакаралі як арганізатара шэсця на Дзяды і мітынгу ў Курапатах 3 лістапада ў Мінску, - паведаміла Свабода. Кіраўніцтва партыі, якое падало заяўку на акцыю, адмовілася складаць дамовы на паслугі з міліцыяй і камунальнікамі. Пра гэта быў складзены пратакол, які разгледзеў суддзя Віктар Шаўцоў.
Першае паседжанне ў справе прайшло 3 снежня. Выслухаўшы Юрася Беленькага і сведку-міліцыянта, суддзя папрасіў Беленькага прынесці некаторыя дакументы ды перанёс справу на 9 снежня.
Аднак сёння, калі Юрась Беленькі паказаў запатрабаваныя дакументы, суддзя Шаўцоў далучыў іх да справы і адразу абвясціў вырак – штраф у 30 базавых.
«Гэта цалкам палітычнае і незаконнае рашэнне. Відавочны ціск на тыя палітычныя структуры, якія стаяць на пазіцыях адстойвання незалежнасці і гатовыя арганізаваць масавыя пратэсты супраць паглынання Беларусі Расіяй», – сказаў у каментары пасля суду Юрась Беленькі.
Палітык збіраецца абскардзіць пастанову Мінскага раённага суду, і ў тым ліку накіраваць скаргу ў ААН.
Апошні раз Юрася Беленькага штрафавалі за арганізацыю шэсця і мітынг на Дзяды 5 гадоў таму.
яс