Беларуская Служба

У Беларусі вынеслі два новыя смяротныя прысуды

10.01.2020 17:03
Двое жыхароў Чэрыкава – 21-гадовы Ілля і 19-гадовы Станіслаў Косцевы – прысуджаныя да смяротнага пакарання.
Ілля і Станіслаў Косцевы фота: праваабарончы цэнтр «Вясна»

Такое рашэнне 10 студзеня прыняў Магілёўскі абласны суд на выязным паседжанні ў Чэрыкаве, паведаміў БелаПАН праваабаронца Андрэй Палуда, які прысутнічаў на паседжанні. Суд падтрымаў патрабаванне пракурора.

Браты прызнаныя вінаватымі ў забойстве суседкі – 47-гадовай настаўніцы. На момант здзяйснення злачынства ім было 20 і 18 гадоў адпаведна.

«Прысуд будзе абскарджаны. Я магу гэта дакладна сказаць, таму што мы знаходзімся на сувязі са сваякамі асуджаных, і ў межах кампаніі «Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання» будзем гэтай справай займацца», – сказаў Палуда.

Забойства адбылося ў красавіку 2019 года. Паводле дадзеных следства, паміж абвінавачанымі і іх суседкай, якая была ў іх у школе настаўніцай, адбыўся канфлікт. Нагодай стала тое, што суседка заявіла праваахоўнікам аб неналежным выкананні бацькоўскіх абавязкаў сястрой абвінавачаных, якая знаходзілася ў адпачынку па доглядзе за дзіцем. З-за гэтага сям'ю паставілі на прафілактычны ўлік як сямʼю, якая знаходзіцца ў сацыяльна небяспечным становішчы.

Пасля застолля дома пʼяныя браты пайшлі да сваёй былой настаўніцы, каб разабрацца. Яны забілі суседку, скралі кампʼютар і прадукты харчавання, а затым, з мэтай скрыць сляды злачынства, падпалілі дом.

Паводле дадзеных следства, жанчыне было нанесена больш за 100 удараў нажом.

вс