Беларуская Служба

На полацкім вакзале не павесілі беларускую шыльду, каб «не крыўдзіць замежнікаў»

13.01.2020 13:22
У адказе чыноўнікі традыцыйна спасылаюцца на тое, што дзяржаўнымі ў нашай краіне з'яўляюцца дзве мовы.
 -
"ў" - характэрная асаблівасць беларускай мовыфота: wikipedia.org

На полацкім чыгуначным вакзале адмовіліся мяняць шыльду на беларускамоўную – каб усё было зразумела замежным турыстам. Пра гэта гаворыцца ў адказе кіраўніцтва Віцебскага аддзялення Беларускай чыгункі ў адказ на зварот Зоі Долі. Жанчына апублікавала афіцыйны адказ у сваім акаўнце ў «Фэйсбуку»паведамляе «Еўрарадыё».

«Я дасылала зварот у Віцебскае аддзяленне БЧ, каб змянілі шыльду Полацкага чыгуначнага вакзала на беларускамоўную, вось пачытайце, які даслалі адказ, нешта наплялі пра турызм, каб шыльду не мяняць», – пракаментавала яна.

У адказе чыноўнікі традыцыйна спасылаюцца на тое, што дзяржаўнымі ў Беларусі з'яўляюцца дзве мовы. Пасля гэтага дадаюць: «Безумоўна, беларуская мова зʼяўляецца для жыхароў нашай краіны роднай мовай, аднак у сувязі з актыўным развіццём у Рэспубліцы Беларусь турызму і наведваннем краіны і горада Полацка вялікага ліку замежных грамадзян уся інфармацыя на вакзале павінна быць зразумелая і даступная дадзенай катэгорыі грамадзян, незалежна ад ведання беларускай мовы».

Пры гэтым падкрэсліваецца, што аўдыёінфармацыя на вакзале даецца па-беларуску і па-руску, а стэнды і паказальнікі зробленыя па-беларуску з піктаграмамі.

Прапанову Зоі Долі пра беларускамоўную шыльду абяцаюць улічыць «пры правядзенні капітальнага рамонту будынка вакзала альбо ў рамках яго рэканструкцыі ў далейшым».

вс