У 2020 годзе статус уцекача ў Беларусі змогуць атрымаць 700 чалавек – на 200 менш, чым у 2019 годзе. Пастанова МУС аб размеркавальных квотах апублікаваная на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале, піша Свабода.
На 2020 год Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі вызначыла наступныя размеркавальныя квоты рэгістрацыі хадайніцтваў аб наданні статусу ўцекача, дадатковай абароны або прытулку:
Брэсцкая вобласць – 120 чалавек;
Віцебская – 150;
Гомельская – 150;
Гродзенская – 90;
Мінская – 110;
Магілёўская – 80.
У 2019 годзе статус уцекача ў Беларусі маглі атрымаць 900 чалавек, у 2018-м – 800. Больш за ўсё ўцекачоў Беларусь была гатовая прыняць у 2016 і 2015 гадах – па 1200. У 2013-м і 2014-м квоты былі нашмат меншыя – 220 чалавек.
За перыяд дзеяння ў Беларусі закону аб вымушанай міграцыі, пачынаючы з 1997 году, з хадайніцтвамі аб абароне ў міграцыйныя органы Беларусі звярнуліся каля 9 тысяч замежных грамадзян з 60 краін свету.
Колькасць вымушаных мігрантаў у Беларусі пачала павялічвацца з 2014 году пасля анексіі Крыму і пачатку вайны на Данбасе, а таксама збройных канфліктаў у некаторых краінах Азіі і Афрыкі.
92% тых, хто звярнуўся за 2018–19 гады, грамадзяне Украіны. Апрача ўкраінцаў, сёлета з хадайніцтвамі аб абароне звярталіся грамадзяне Сірыі, Афганістану, Емена, Расіі, Арменіі, Палестыны.
За перыяд ад 2014 да 2018 году па атрыманне статусу ўцекача або па дадатковую абарону звярнуліся 3318 украінскіх грамадзян, з якіх дадатковую абарону атрымалі 2690 чалавек. За ўвесь час толькі чацвёра грамадзян Украіны атрымалі афіцыйны статус уцекача.
Агулам у Беларусі абарону атрымліваюць каля 85% замежных уцекачоў (паводле Дэпартаменту па грамадзянстве і міграцыі МУС).
ав