На ўскраіне Мінска пабудуюць новы Нацыянальны выставачны павільён. Стары яго будынак знаходзіўся па вуліцы Янкі Купалы і быў знесены. Для новага выбралі месца на скрыжаванні Лагойскага тракта з Мінскай кальцавой аўтадарогай, каля гандлёва-забаўляльнага цэнтра "Экспабел", недалёка ад народнага мемарыялу ў Курапатах. Праект распрацаваў галоўны архітэктар "Мінскпраекта" Уладзімір Архангельскі – інфармуе Еўрарадыё.
"Важна, каб цэнтр быў пазнавальны, індывідуальны і асацыяваўся менавіта з Беларуссю", — кажа Архангельскі. На яго думку, васілёк — "удалы архітэктурны вобраз".
Плануецца, што будынак-васілёк будзе гіганцкі — 25 тысяч квадратных метраў. Ён будзе складацца з трох пялёсткаў, размах кожнага з іх складзе 290 метраў. У сярэдзіне будзе круглы павільён.
Пра запланаванае стварэнне Нацыянальнага выставачнага павільёна было заяўлена на нарадзе ў кіраўніка дзяржавы ў траўні мінулага года.
паводле Еўрарадыё/нг