Беларуская Служба

ЗША гатовыя паставіць Беларусі 100% нафты

01.02.2020 12:19
«ЗША хоча дапамагчы Беларусі пабудаваць суверэнную краіну. Нашы вытворцы энергетыкі гатовыя паставіць 100% нафты, якая вам патрэбная па канкурэнтных цэнах».
.   .
М. Пампеа і У. Макей PAP/EPA/TATYANA ZENKOVICH

Пра гэта падчас прэс-канферэнцыі ў Палацы Незалежнасці ў Мінску заявіў дзяржаўны сакратара ЗША Майкл Пампеа, перадае Радыё Свабода.

Майкл Пампеа нагадаў, што ЗША былі адной з першых краінаў, якія прызналі незалежнасць Беларусі ў 1991 і Злучаныя Штаты па-ранейшаму застаюцца адданымі гэтым прынцыпам і абавязацельствам.

«Спадзяюся, гэта [візіт] першы салідны крок у кірунку больш блізкіх адносінаў і сувязяў», – адзначыў кіраўнік знешнепалітычнага ведамства ЗША. Таксама Пампеа адзначыў важнасць супрацы спецслужбаў ЗША і Беларусі ў пытаннях памежнай бяспекі, кібер і наркатрафіку.

«ЗША хоча дапамагчы Беларусі пабудаваць суверэнную краіну. Нашы вытворцы энергетыкі гатовыя паставіць 100% нафты, якая вам патрэбная па канкурэнтных цэнах. Мы найбуйнейшы ў свеце вытворца нафты і ўсё, што вам трэба зрабіць – гэта замовіць», – пераконваў Лукашэнку Майкл Пампеа.

Пампеа сказаў, што пагаварыў з Лукашэнкам пра неабходнасць стварыць амерыканскаму бізнесу больш простыя ўмовы для прыходу на беларускі рынак.

Раней пад час размовы з Аляксандрам Лукашэнкам Майкл Пампеа паведаміў, што ЗША ў бліжэйшы час прызначаць амбасадара ў Беларусі. Пры гэтым Пампеа заявіў, што для ЗША важнае пытанне правоў чалавека ў Беларусі і яны занепакоеныя іх станам.

Дзяржсакратар Пампеа наведвае Беларусь у рамках еўрапейскага турнэ. Напярэдадні ён ужо пабываў у Лондане і Кіеве, пасля накіроўваецца сталіцу Казахстану Нур-Султан і сталіцу Узбекістану Ташкент.

эж