Адміністрацыйную справу лідара Руху салідарнасці «Разам» Вячаслава Сіўчыка разгледзеў сёння суд Партызанскага раёна Мінска. Разгляд справы адбываўся без удзелу палітыка, паведамляе Вясна.
У дадатак да 15 сутак арышту, якія былі вынесеныя палітыку 3 лютага, той жа суддзя Анатоль Барысёнак пастанавіў пакараць Сіўчыка ізноў жа арыштам на 15 сутак.
Сведка, супрацоўнік АМАП Віталь Івашко патлумачыў на судзе:
«20 снежня я нёс службу на Кастрычніцкай плошчы. З 18 да 19.20 быў мітынг супраць інтэграцыі. Акцыя была несанкцыянаваная. Супрацоўнік у форме папярэджваў аб гэтым. З Сіўчыкам знаёмы візуальна, у сувязі з гэтай справай».
Затым суддзя зачытаў паказанні наступнага сведкі – Вадзіма Шайко:
«Сіўчык прымаў актыўны ўдзел. Раней я ведаў Сіўчыка ў сувязі з працай. У 2019 годзе ў снежні Сіўчык прыцягваўся за аналагічнае правапарушэнне. Доказ – фота з Сіўчыкам, стрэлкай паказана, дзе ён».
Суддзя неадкладна прымае рашэнне – 15 сутак арышту. Тэрмін адбыцця пакарання лічыць з моманту затрымання.
Нагадаем, лідар Руху салідарнасці «Разам» Вячаслаў Сіўчык атрымаў 15 сутак арышту за ўдзел у акцыі 8 снежня супраць інтэграцыі з Расіяй. Такое рашэнне 3 лютага прыняў суддзя суда Партызанскага раёна Мінска Анатоль Барысёнак.
Наперадзе ў Вячаслава Сіўчыка яшчэ тры суды, якія мусяць адбыцца ў судзе Партызанскага раёна 5, 6 і 7 лютага.
ав