Беларуская Служба

Настаў момант ісціны

04.02.2020 11:12
7 лютага Аляксандр Лукашэнка плануе сустрэцца з Уладзімірам Пуціным.
Аляксандр ЛукашэнкаEPA/NIKOLAI PETROV / BELTA Dostawca: PAP/EPA.

Пра гэта беларускі кіраўнік заявіў сёння падчас наведвання папяровай фабрыкі «Герой працы» у Добрушы. Ягоную заяву перадала агенцтва Белта.

Лукашэнка падкрэсліў, што Беларусь хоча самых цёплых, добрых і сяброўскіх адносінаў з расійскім народам. Паводле словаў беларускага кіраўніка, гэтыя адносіны прадугледжвалі ўнутрырасійскія цэны на энерганосьбіты. Маўляў расійскі бок паабяцаў гэта 5 год таму, калі набываў «Белтрансгаз». «Навошта ж вы нас падманваеце? Прытым не падманваеце, а думаеце, што мы пра гэта забыліся», – паскардзіўся беларускі лідар.

Таксама Лукашэнка папрасіў кіраўніцтва Расіі «проста сказаць», калі там ня хочуць «шчырых, чыстых і празрыстых» стасункаў, а не крычаць: «Ах, Пампэо прыехаў… Заўтра Трамп прыедзе… » Беларусь як незалежная краіна сама вызначае сваю знешнюю палітыку, ня шкодзіць Расіі, – зазначыў Лукашэнка.

Беларускі кіраўнік падкрэсліў, што быў з Пуціным архітэктарам добрых стасункаў паміж Беларуссю ды Расіяй. Аднак цяпер настаў «нейкі момант ісціны». «Мы з ім стварылі гэтыя добрыя стасункі, ці нам іх ламаць на зыходзе нашай палітычнай карʼеры. Мы ж ня вечныя. Што мы пакінем пасля сябе – вось у чым пытанне».

Прэс-сакратар расейскага лідара Дзмітрый Пяскоў пацвердзіў, што на 7 лютага запланаваная сустрэча кіраўнікоў Расеі і Беларусі.

юл