Міністры замежных спраў Беларусі і Літвы Уладзімір Макей і Лінас Лінкявічус правялі шэраг афіцыйных сустрэч, паведамляе Белта.
Учора дыпламаты размаўлялі ў аграгарадку Рымдзюны Астравецкага раёну Гарадзенскай вобласці. Сёння адбыліся перамовы Лінаса Лінкявічуса з Уладзімірам Макеем у Міністэрстве замежных спраў у Мінску. Літоўскі міністр прыехаў з двухдзённым працоўным візітам у Беларусь.
Надышоў час для больш інтэнсіўных кантактаў Беларусі і Літвы, заявіў міністр замежных спраў Літвы Лінас Лінкявічус у Мінску. Літва гатовая да стварэння з Беларуссю плану дзеянняў па ліквідацыі існых рознагалоссяў.
Таксама беларускі бок прадэманстраваў палітычную волю па вырашэнні наяўных праблем. Кіраўнік беларускага МЗС Уладзімер Макей выказаў упэўненасць, што ў двухбаковых адносінах пачнецца новы перыяд. Беларусь гатова абмяркоўваць з Літвой і знаходзіць кампраміснае рашэнне па праблемных пытаннях.
Дыпламаты дамовіліся, што далейшаму развіццю адносінаў будзе спрыяць беларуска-літоўскі форум, запланаваны на 14-15 траўня ў Клайпедзе. Літоўскі міністра перадаў запрашэнне ад літоўскага прэмʼера беларускаму кіраўніку ўраду Сяргею Румасу.
юл