Міністэрства адукацыі бачыць рэзервы для далейшага змяншэння нагрузкі на школьнікаў. Аб гэтым заявіў міністр адукацыі Ігар Карпенка на пасяджэнні калегіі ведамства, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Скарачацца нагрузка будзе ў тым ліку за кошт магчымага сумяшчэння выпускных экзаменаў з ЦТ, праінфармаваў міністр. Ён прывёў даныя незалежнага даследавання: большасць апытаных бацькоў, настаўнікаў і вучняў выказалася за гэтую прапанову. «Напрыклад, па адной з моваў, рускай або беларускай, і па матэматыцы», – адзначыў міністр. Знайшла падтрымку і ідэя са здачай выпускнога экзамену па замежнай мове ў вуснай форме.
Міністр лічыць неабходным адкарэктаваць вучэбную праграму па інфарматыцы. «Большасць сучасных дзяцей прыходзіць у школу, ужо валодаючы першаснымі навыкамі абыходжання з гаджэтамі», – сказаў Ігар Карпенка. Дзясятыя і адзінаццатыя класы з гэтага года могуць вучыць інфарматыку на базавым і павышаным узроўні. На думку міністра, такую магчымасць у рамках дадатковага профільнага навучання трэба даць восьмым і дзявятым класам. «І нават прадугледзець у гэтых класах вывучэнне некалькіх моваў праграмавання», – дадаў міністр.
БЕЛТА/нг