Беларуская Служба

Па дадзеных брытанскага пасольства, больш беларусаў звяртаецца па візы ў Вялікабрытанію

05.02.2020 15:45
У беларусаў вельмі высокі працэнт паспяховых заявак, адмовы ў візе атрымліваюць каля 2% заяўнікаў.
zdjęcie ilustracyjne
zdjęcie ilustracyjneShutterstock/Melinda Nagy

«Мы назіраем рост зваротаў беларусаў па брытанскія візы», – сказала пасол Вялікабрытаніі Жаклін Пэркінс на сустрэчы з журналістамі 5 лютага ў Мінску - паведамляе сайт naviny.by.

Яна адзначыла, што дадзеных за ўвесь мінулы год пра колькасці зваротаў па візы пакуль няма, але за дзевяць месяцаў года было пададзена каля 13,5 тысячы заявак на візы.

«Я мяркую, што па выніках усяго года гэта будзе каля 17 тысяч зваротаў, – сказала Пэркінс. – У беларусаў вельмі высокі працэнт паспяховых заявак. Адмовы ў візе атрымліваюць каля 2% заяўнікаў».

Пасол таксама падкрэсліла, што, паколькі візавая палітыка не была часткай адносін Вялікабрытаніі і ЕС, то пасля выхаду краіны з супольнасці яна застанецца такой жа.

Гаворачы пра грамадзян Вялікабрытаніі, якія наведваюць Беларусь, Пэркінс адзначыла, што кожны год іх колькасць павялічваецца на 30%.

«Па дадзеных, якімі з намі падзяліўся консульскі аддзел нашага МЗС, у 2018 годзе Беларусь наведалі больш за 13 тысяч брытанцаў. Прыкладна дзве траціны з іх скарысталіся магчымасцю бязвізавага ўезду, астатнія падавалі на візу», – сказала дыпламат.

На яе думку, больш брытанцаў павінны прыязджаць у Беларусь, каб убачыць, «якая гэта цудоўная краіна».

нг