Беларуская Служба

Вялікі тэатр запрашае на мерапрыемства, прымеркаванае да Дня роднай мовы

05.02.2020 15:51
Кожны гледач зможа прымерыць на сябе новую ролю: выйсці на сцэну малой залы, адчуць святло сафітаў – і прачытаць свае любімыя творы.
Teatr
Teatrshutterstock

Дзень роднай мовы ва ўсім свеце адзначаецца 21 лютага. Напярэдадні гэтай падзеі – 18 лютага – Вялікі тэатр Беларусі запрашае прыйсці на імпрэзу #Чытаемразам, у якой прымуць удзел вядомыя беларускія паэты, зоркі сталічных тэатраў, кіно, тэлебачання. Інфармацыя на naviny.ny.

«Народныя артысткі Беларусі Ядвіга Паплаўская і Настасся Масквіна, зорка беларускага тэлебачання актрыса Святлана Бароўская, паэт Андрэй Хадановіч, спявачка Вялікага тэатра Ірына Кучынская, карэспандэнт тэлеканала АНТ Аляксандр Мацяс – вядомыя людзі краіны абавязкова прыйдуць на наш вечар, каб падарыць вам, дарагія гледачы, часцінку сваёй любові да нашай зямлі, да нашай роднай мовы. Усе яны прачытаюць улюбёныя радкі з твораў беларускіх аўтараў», – паведамілі ў тэатры.

Але і кожны гледач зможа на некаторы час прымерыць на сябе новую ролю: выйсці на сцэну малой залы, адчуць святло сафітаў – і прачытаць свае любімыя творы беларускіх паэтаў. Дарэчы, ёсць шанец падрыхтавацца загадзя: павыкладваць у любую сацсетку відэазапіс таго, як вы чытаеце творы беларускіх аўтараў, з абавязковымі хэштэгамі: #чытаемразам, #мойтэатрмаясцэна, #матчынамова, #маямова. Адміністратары тэатральных сацсетак абавязкова будуць сачыць за актыўнасцю публікі, і гледачы, якія праявяць сябе найбольш крэатыўна, атрымаюць падарунак – запрашальны квіток на вечар, прысвечаны Дню роднай мовы.

нг