Яшчэ дзесяць беларусаў эвакуяваныя з Кітая, паведамляе пасольства Беларусі ў КНР. Грамадзян, якія з-за сітуацыі з новым каронавірусам звязаліся з пасольствам Беларусі ў Кітаі і выказалі жаданне пакінуць краіну, эвакуявалі на расійскім самалёце - паведамляе Радыё Рацыя са спасылкай на БелаПАН.
У беларускім Міністэрстве аховы здароўя напярэдадні паведамілі, што эвакуяваныя беларусы адчуваюць сябе здавальняюча, але некаторы час будуць знаходзіцца ў каранціне ў Расіі. Гэта пакуль усе беларусы, якія звязаліся з пасольствам у Кітаі і запыталі эвакуацыю. Паводле дадзеных Міністэрства аховы здароўя, на сённяшні дзень у Беларусі новы каронавірус не зарэгістраваны. Усяго на новую інфекцыю абследавана ўжо больш за 300 чалавек. Выяўлены грып А, грып В, мікаплазма, рынавірусы і г. д. 2 лютага пры садзейнічанні пасольства Беларусі ў КНР з горада Ухань (правінцыя Хубэй) былі эвакуяваны пяць беларускіх грамадзян. Яны знаходзяцца на двухтыднёвым каранціне ў Казахстане.
Паводле аператыўнай інфармацыі Дзяржаўнага камітэту па ахове здароўя КНР, колькасць ахвяр каронавіруса 2019-nCoV павялічылася ўжо да 493. Як адзначаюць медыкі, захварэлымі лічацца больш за 24,5 тыс. чалавек. На сённяшні дзень перамаглі хваробу 906 чалавек. У цэлым вірус выяўлены больш чым у 20 краінах.
Падчас сустрэчы з журналістамі 4 лютага, Аляксандр Лукашэнка заклікаў спакайней рэагаваць на сітуацыю з распаўсюджваннем новага каронавіруса. «Нам варта трывожыцца, але толькі ў адным: мыйце рукі, менш абдымайцеся з незнаёмымі людзьмі на вуліцы. Я намякаю на асабістую гігіену. Усё астатняе – за Міністэрствам аховы здароўя. Калі мы не «пылім», як некаторыя краіны тут гвалтам крычаць, гэта не значыць, што мы не займаемся гэтым пытаннем», – заявіў кіраўнік дзяржавы. Паводле слоў Лукашэнкі, ён не прыніжае небяспекі новага віруса, але на гэтай праблеме нажываюцца шматлікія кампаніі. «Не трэба людзей палохаць. Слухайце, колькі ў нас ужо было гэтых вірусаў… Гвалтаваць не трэба, трэба проста ціха працаваць», – сказаў кіраўнік дзяржавы. «Трэба камусьці мяжу закрываць – няхай закрываюць. Мы не будзем з кітайцамі перарываць нашы адносіны, – падкрэсліў Лукашэнка. – Але і кітайцы, і нашы людзі, якія прыязджаюць з Кітая (мы пра гэта пасла праінфармавалі), у аэрапорце мы іх даглядаем, на каранцін бярэм, абследуем. У нас спецыялістаў для гэтага дастаткова».
Рацыя/belapan.by/нг