Кампанія «Лукойл Беларусь» зняла абмежаванні на продаж дызельнага паліва на АЗС.
Ліміт – 100 літраў у адны рукі – дзейнічаў менш сутак на некаторых рэгіянальных запраўках. Абмежавальныя меры былі выкліканыя збоямі ў пастаўках нафтапрадуктаў з боку нафтаперапрацоўчых заводаў, заявілі ў кампаніі, паведамляюць Naviny.by.
У самай буйной сеткі заправак «Беларуснафта» не ўводзілі і не плануюць уводзіць абмежаванні на продаж паліва на АЗС, паведаміў Naviny.by крыніца, блізкая да дзяржпрадпрыемству. Паводле яго слоў, кампанія забяспечана запасамі паліва больш чым на дваццаць дзён, складанасцяў з пастаўкамі з боку НПЗ няма.
У кампаніі «РН-Захад» (сетка «Раснафта») сказалі, што рэалізуюць усе віды паліва на АЗС без абмежаванняў па аб'ёмах. У ЗТАА «Газпрамнафта-Белнафтапрадукт» (сетка «Газпрамнафта») і ЗТАА «Татбелнафтапрадукт» (сетка «Татнафта») адмовіліся каментаваць сітуацыю.
У канцэрне «Белнафтахім» Naviny.by паведамілі, што на дзяржаўным узроўні рашэнні аб абмежаванні продажу паліва на запраўках не прымалася. Заводы ў Мазыры і Наваполацку забяспечваюць унутраны рынак нафтапрадуктамі ў поўным абʼёме.
З пачатку гэтага года НПЗ у Мазыры і Наваполацку працуюць на мінімальнай загрузцы ў сувязі з адсутнасцю доўгатэрміновых кантрактаў з расійскімі пастаўшчыкамі. Нафта пастаўляецца толькі з боку расійскай групы кампаній «Сафмар» мільярдэра Міхаіла Гуцырыева. У студзені-лютым яна павінна адгрузіць 750 тысяч тон сыравіны.
Акрамя таго, Беларусь закупіла 86 тысяч тон нарвежскай нафты. Заводы таксама працуюць на запасах. У «Белнафтахіме» запэўнілі, што нафты павінна хапіць да канца лютага.
ав