Венгерская чыгуначная кампанія падпісала кантракт на пастаўку 40 двухпавярховых цягнікоў «Штадлер» беларускай вытворчасці, паведаміў міністр замежных спраў і знешнеэканамічных сувязяў Венгрыі Петэр Сіярта 3 сакавіка ў Мінску на сумеснай прэс-канферэнцыі са сваім беларускім калегам Уладзімірам Макеем.
Як паведамляе БелаПАН, да сустрэчы з журналістамі міністры падпісалі міжведамасную праграму супрацоўніцтва на 2020 год.
Паводле словаў Сіярта, гэта не першы падобны кантракт з беларускім заводам па вырабе чыгуначнага транспарту. Ужо ў гэтым месяцы ў Венгрыі пачнуць выкарыстоўваць 11 двухпавярховых цягнікоў «Штадлер» з Беларусі.
Чыноўнік адзначыў, што ў Венгрыі «ёсць адназначны план адносна эканамічнага развіцця супрацоўніцтва паміж дзвюма краінамі». Так, паводле яго слоў, венгерскі банк EXIM «адкрыў магчымасць крэдыту на 40 млн еўра для венгерска-беларускіх праектаў». Акрамя таго, распрацоўваюцца планы па супрацоўніцтве ў сферы харчавання.
Паводле Петэра Сіярта, бакі таксама хочуць цесна супрацоўнічаць у сферы ядзернай энергетыкі. «Вы неўзабаве запусціце ў эксплуатацыю два атамныя рэактары, такія ж, якія ў Венгрыі ў дадзены момант пачынаюць будаваць. Таму спадзяемся на далейшае супрацоўніцтва з беларускімі экспертамі і спецыялістамі ў сферы ядзернай энергетыкі», – адзначыў венгерскі палітык.
вс
здымак мае ілюстрацыйны характар