Беларуская Служба

Ганну Канапацкую выключылі з праймерыз апазіцыі на ўдзел у выбарах адзінага кандыдата

04.03.2020 11:47
Канапацкую не падтрымалі некалькі ўдзельнікаў агульнага галасавання.
.
.andibreit/pixabay.com/CC0

Ганну Канапацкую выключылі з праймерыз апазіцыі на ўдзел у выбары адзінага кандыдата. Кандыдатамі на «адзінага» ад апазіцыі сталі пяць чалавек, якія падалі заяўкі. Інфармацыю на прэс-канферэнцыі агучылі прадстаўнікі штаба «Народнага галасавання» (праймерыз).

Нагадаем, на ўдзел у праймерыз заяўкі падалі шэсць чалавек: Вольга Кавалькова, Ганна Канапацкая, Аляксей Янукевіч, Юрась Губарэвіч, Мікалай Казлоў і Павел Севярынец. Вылучыцца можна было двума спосабамі: ад арганізацыі і самастойна. У апошнім выпадку трэба было сабраць у сваю падтрымку 200 подпісаў – так вылучаліся Кавалькова і Канапацкая. Іх подпісы правяраў штаб «Народнага галасавання» (праймерыз).

Як распавёў выконваючы абавязкі кіраўніка штаба «Народнае галасаванне» Аляксей Сігаеў, Канапацкую не падтрымалі некалькі ўдзельнікаў агульнага галасавання.

Праз некалькі тыдняў штаб «Народнага галасавання« плануе агучыць план праграмы адзінага кандыдата і да канца красавіка ўсе жадаючыя змогуць дадаць у праграму свае пункты.

Далей, паводле працэдуры праймерыз, усе кандыдаты на «адзінага» будуць збіраць балы, за ўсё можна набраць 100 балаў: першыя 10 балаў будуць размеркаваны паміж партыямі, а астатнія балы кандыдаты будуць «зарабляць». 30 балаў можна атрымаць падчас інтэрнэт-галасавання, 30 – падчас галасавання ў рэгіёнах, 30 – падчас кангрэсу дэмакратычных сілаў.

Як распавёў сябра штаба Віктар Янчурэвіч, кандыдаты на »адзінага« для сустрэчы з насельніцтвам плануюць праехаць 56 гарадоў. Першая адбудзецца ў Гарадку (Віцебская вобласць) 6 сакавіка. Там людзі змогуць і пагутарыць з кандыдатамі, і прагаласаваць за іх.

Адзін з кіраўнікоў штаба, сустаршыня БХД Віталь Рымашэўскі нагадаў, што ў выпадку нерэгістрацыі адзінага кандыдата ў якасці кандыдата ў прэзідэнты, апазіцыя будзе байкатаваць выбары.

- У выпадку фальсіфікацыі выбараў мы будзем заклікаць да перавыбараў, – заявіў Рымашэўскі.