29 красавіка 2019 году Андрэй Войніч размясціў на сваім youtube-канале ролік, дзе размаўляе з актывістам «Еўрапейскай Беларусі» Алесем Круткіным ў пад'ездзе жылога дома. У кадр патрапіў надпіс, зроблены на сцяне лесвічнага пралёта – абрэвіятура, прызнаная рашэннем суда Цэнтральнага раёна г.Мінска ад 2018/12/14 экстрэмісцкай і уключаная ў рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў, паведамляе Вясна.
24 студзеня 2020 года яна была знойдзена супрацоўнікамі органаў унутраных спраў, а 21 лютага суддзя суда Маскоўскага раёна г. Мінска Таццяна Мотыль вынесла пастанову, згодна з якой Войніч атрымаў штраф у 50 базавых велічынь (1350 руб.) па ч.2 ст.17.11 КаАП (распаўсюджванне інфармацыйнай прадукцыі, уключанай у рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў).
Сам актывіст не лічыць, што размешчаны відэа-ролік можа зʼяўляцца распаўсюджваннем экстрэмісцкай інфармацыі. З дапамогай грамадскай прыёмнай ПЦ «Вясна» ён напісаў скаргу ў Менскі гарадскі суд, дзе просіць адмяніць пастанову суда Маскоўскага раёна г. Мінска і накіраваць справу на новы разгляд.
Андрэй Войніч адзначыў, што экстрэмісцкі надпіс вісеў у падʼездзе 10 гадоў «і вісіць да гэтага часу. Яго бачылі дзесяткі супрацоўнікаў міліцыі і нічога не рабілі. І ЖЭС таксама не хвалюе той факт, што ў іх экстрэмізм ёсць у падʼездзе».
Войніч лічыць, што яго пераслед выкліканы тым, што ён зʼяўляецца актывістам «Еўрапейскай Беларусі».
ав