Беларуская Служба

Ва ўсіх беларускіх гарадах толькі 75 школ з беларускай мовай навучання

10.03.2020 09:12
За шэсць гадоў колькасць школьнікаў, якія вучацца па-беларуску, зменшылася на 5,5%, а школаў, дзе навучанне вядзецца па-беларуску, стала менш на 482.
Правілы беларускай арфаграфііradyjo.net

Тэлеграм-канал «Злой Минобр» прааналізаваў, як скарачалася колькасць вучняў, якія вучацца на беларускай мове, і колькасць школаў, дзе вучацца па-беларуску. Гэтыя звесткі, як даведалася Свабода, змешчаныя ў зборніку «Установы агульнай сярэдняй адукацыі», надрукаваным Міністэрствам адукацыі.

У зборніку звесткі з 2012 па 2018 год. Калі ў 2012 годзе школаў з беларускай мовай навучання было 1764 (з расійскай 1660), то праз шэсць гадоў школаў з беларускай мовай навучання стала 1282 (з расійскай 1527).

У сельскай мясцовасці школаў з беларускай мовай навучання 1207. Такім чынам, ва ўсіх беларускіх гарадах толькі 75 школьных установаў з беларускай мовай навучання.

Скарачаецца і колькасць вучняў, якія навучаюцца па-беларуску. Калі ў 2012 годзе па-беларуску вучыліся 16,6% усіх школьнікаў, то ў 2018-м – 11,1%. Пры гэтым у вёсках па-беларуску вучацца 58,3% вучняў, а ў гарадах – толькі 1,3%.

Найбольш беларускамоўных школьнікаў у Мінскай вобласці – 20,2%. Але ў Мінску па-беларуску вучацца толькі 2% вучняў.

У Мінску, дарэчы, школаў з беларускай мовай навучання стала болей: у 2012 годзе іх было 15, у 2018 стала 16 (у некаторых толькі частка класаў беларускамоўныя). Але агулам у Мінску па-беларуску займаюцца толькі 2% вучняў.

Але нават гэтая статыстыка не паказвае рэальнай сітуацыі, мяркуе Тамара Мацкевіч, намесніца старшыні Таварыства беларускай школы.

- Сітуацыя сумная, і яна яшчэ горшая, бо ў статыстычных зборніках пазначаюцца фармальна беларускія школы. Але частка з іх парушаюць свой статут і пераходзяць на расійскую мову, то бок іх яшчэ менш, – мяркуе Тамара Мацкевіч.

яс