Беларуская Служба

Былы ахоўнік Лукашэнкі папрасіў дапытваць яго на закрытым паседжанні

10.03.2020 14:02
У Мінску пачаўся суд над былым ахоўнікам Лукашэнкі Андрэем Уцюрыным.
Ілюстрацыйны здымакsucco/pixabay.com/CC0

Хадайніцтва ад частковым закрыцці працэсу Андрэй Уцюрын падаў на самым пачатку працэсу. Ён матываваў гэта тым, што падчас ягонага допыту могуць быць агучаныя некаторыя факты, датычныя дзейнасці Савету бяспекі, абавязкаў яго кіраўніцтва, а таксама іншыя аспекты. Хадайніцтва Уцюрына падтрымалі ягоныя адвакаты і 15 іншых абвінавачаных. Супраць выступіў пракурор, піша Свабода.

У выніку суд пасля кароткага разгляду хадайніцтва Уцюрына на месцы пастанавіў у ім адмовіць. Разам з тым суддзя Жукоўскі адзначыў, што да пытання аб частковым закрыцці паседжанняў можна будзе вярнуцца пазней.

Суд у справе пачаўся 10 сакавіка. На лаве падсудных – восем прадстаўнікоў дзяржаўных структур і восем бізнесоўцаў. Сярод іх старшыня праўлення Беларускага міжбанкаўскага разліковага цэнтру Фелікс Каспяровіч, намеснік кіраўніка галоўнага ўпраўлення інфармацыйных тэхналогій Нацбанку Андрэй Падгорны, дырэктар інфармацыйна-вылічальнага цэнтру Міністэрства фінансаў Юры Зданевіч, выканаўчы дырэктар банку «БелВЭБ» Юры Панамароў, генеральны дырэктар «Белтэлекаму» Сяргей Сівадзедаў ды іншыя.

Паводле абвінавачання, у тых, хто атрымаў хабар, канфіскавалі больш за 1 мільён 650 тысяч долараў, 62 тысячы еўра і каля 1 кілаграма золата.

Справай Андрэя Уцюрына займалася Следчае ўпраўленне КДБ, доўгі час пра яе не было вядома ніякіх падрабязнасцяў. Толькі на пачатку снежня мінулага году Камітэт дзяржбяспекі апублікаваў афіцыйнае паведамленне пра завяршэнне расследавання, дзе раскрываліся некаторыя дэталі. У прыватнасці, стала вядома, што, акрамя Уцюрына, фігурантамі справы з'яўляюцца яшчэ 15 чалавек. А былога ахоўніка Лукашэнкі вінавацяць у хабары памерам 190 тысяч долараў.

Пра арышт Андрэя Уцюрына стала вядома 29 красавіка 2019 году. Паведамлялася, што ён можа быць затрыманы праз падазрэнне ў атрыманні хабару асабліва буйнога памеру. Да працы ў Савеце бяспекі Андрэй Уцюрын шмат гадоў кіраваў службай бяспекі Лукашэнкі – з 2007-га па 2014-ы. Мае два медалі «За бездакорную службу» (2-й і 3-й ступеняў), а таксама ордэн «За службу Радзіме» 3-й ступені.

ав