Чарговы выпадак каранавіруса ў Беларусі выяўлены ў Гродне.
Як паведаміла начальнік галоўнага ўпраўлення аховы здароўя аблвыканкама Алена Кроткава, 62-гадовая жанчына прыбыла з Італіі ў Гродна ноччу з панядзелка на аўторак, піша Наша Ніва.
Прычым яна сама звярнулася па медычную дапамогу. У аўторак днём жанчына была дастаўлена брыгадай «хуткай» і шпіталізавана ў абласную інфекцыйную бальніцу. Ніякіх праяў рэспіраторнай інфекцыі не назіралася.
Аднак сёння атрымана лабараторнае пацверджанне наяўнасці ў яе каранавіруса. Пацыентка ізаляваная і знаходзіцца пад пільным наглядам медычных работнікаў. Праводзяцца мерапрыемствы па выяўленні кантактаў.
На сераду ва ўстановах аховы здароўя Беларусі з дыягназам COVID-19 знаходзяцца 12 пацыентаў. Трое з іх рыхтуюцца да выпіскі. Ва ўсіх пацыентаў стан здавальняючы, тэмпературы і іншых клінічных праяў хваробы няма.
нг