Беларуская Служба

У ЗША цешацца, што ўрад Беларусі цікавіцца імпартам амерыканскага газу

11.03.2020 15:19
«Гэта прыватныя ўгоды, энергетычныя прадпрыемствы вельмі зацікаўленыя ў беларускім рынку».
Zdjęcie ilustracyjne
Zdjęcie ilustracyjneShutterstock

ЗША рады, што ўрад Беларусі цікавіцца імпартам амерыканскага газу праз Клайпедскі тэрмінал звадкаванага прыроднага газу, заявіў намеснік дзяржаўнага сакратара ЗША Філіп Рыкер, аб чым паведамляе Свабода.

«Мы рады, што Беларусь бачыць, што ў яе ёсць выбар і іншыя энергетычныя магчымасці. Думаю, дыверсіфікацыя энергіі – важны стратэгічны элемент», – сказаў Філіп Рыкер агенцтву BNS у Вільні.

Паводле яго, гэтыя магчымасці былі падкрэсленыя і на сустрэчы дзяржсакратара ЗША Майка Пампэа з прэзідэнтам Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам на пачатку лютага.

«Гэта прыватныя ўгоды, энергетычныя прадпрыемствы вельмі зацікаўленыя ў беларускім рынку. Так што гэта сапраўды магчымасць, якую падкрэсліў і сакратар Майк Пампэа падчас візіту ў Менск у мінулым месяцы», – сказаў ён.
Намеснік дзяржсакратара ў справах Еўропы і Еўразіі кажа, што падрабязнасці верагодных угодаў павінен падаць Менск.
«Урад ЗША – не той бок, які будзе займацца гэтымі рынкамі. Існуе свабодны рынак. Ёсць вялікія магчымасці, і я думаю, што ўрад Беларусі праявіў сваю зацікаўленасць у гэтым», – падкрэсліў Філіп Рыкер.

нг