Расійскія ўлады вырашылі зачыніць мяжу з Беларуссю для перамяшчэння людзей, заявіў на аператыўнай нарадзе прэм'ер-міністр Расіі Міхаіл Мішусцін, перадае агенцтва ТАСС.
«Мы таксама прынялі рашэнне аб закрыцці мяжы з Беларуссю для перамяшчэння людзей, зрабілі шэраг іншых папераджальных крокаў, – сказаў ён. – Мы і далей будзем рабіць усё для абароны нашай краіны ад гэтай новай пагрозы, дзейнічаць на апярэджанне, прымаць вычарпальныя меры, каб не дапусціць, у першую чаргу, масавага распаўсюджвання каранавіруса».
Як адзначыў Мішусцін, у РФ вірус занеслі прыезджыя з іншых краін, дзе інфекцыя раней ужо распаўсюдзілася. «Рост колькасці хворых у Расіі, які мы назіраем у апошнія дні, адбываецца ўжо за кошт іх блізкіх ці тых, з кім яны кантактавалі. У многіх краінах сітуацыя развіваецца па неспрыяльным сцэнары», – сказаў Мішусцін. Паводле яго слоў, узніклі істотныя рызыкі для жыцця і здароўя людзей, нармальнай працы бізнесу.
«Актыўныя папераджальныя меры, якія былі намі прыняты, яшчэ ў лютым гэтага года, дазволілі сурʼёзна абмежаваць распаўсюд каранавіруса ў Расіі, – адзначыў прэмʼер. – Мы павінны зрабіць усё, каб сітуацыя не развівалася так, як у іншых краінах». «І мы паслядоўна, у залежнасці ад развіцця пандэміі, закрываем свае межы. У першую чаргу мы гэта зрабілі з Кітаем і іншымі краінамі Азіі, якія першыя сутыкнуліся з гэтай пагрозай», – сказаў ён.
Як нагадаў Мішусцін, былі абмежаваны авіязносіны з краінамі Еўразвязу, прыпынены ўезд замежнікаў праз мяжу з Польшчай, Нарвегіяй, адменена чыгуначныя зносіны з Латвіяй, Малдовай, Украінай.
«Усе цяперашнія абмежаванні намі свядома робяцца для таго, каб пазбегнуць больш жорсткіх мер у будучыні», – растлумачыў ён.
ав