Энергетыкі спынілі знішчэнне бусліных гнёздаў на лініях электраперадач і ўзяліся за канструяванне спецыяльных апор, паведамляе грамадская арганізацыя «Ахова птушак Бацькаўшчыны» (АПБ), перадае "Радыё Свабода".
Канструктарская дакументацыя будзе гатовая ў другім квартале 2020 году – яе распрацоўкай займаюцца «Белэнерга» і «Белсельэлектрасеткабуд». Ужо правялі першыя выпрабаванні на здольнасць апор вытрымліваць працяглую статычную і дынамічную нагрузку.
Праблему разбурэння буслянак на слупах лініяў электраперадач апошнім часам актыўна ўздымалі і мясцовыя жыхары, і СМІ, адзначае АПБ. Усё больш буслоў пачынаюць будаваць гнёзды на апорах ЛЭП, таму што асобных прыдатных дрэваў застаецца ўсё менш, а на сучасных дахах умацаваць гняздо наагул немагчыма. Але гнёзды на слупах ЛЭП небяспечныя: можа здарыцца кароткае замыканне, і вёска застанецца без электрычнасці. Акрамя таго, старое гняздо звычайна важыць некалькі цэнтнераў, і штогод буслы паднаўляюць яго, дадаючы 60-100 кг, а слупы не разлічаныя на такую нагрузку, ды і саму птушку можа забіць токам.
У канцы жніўня 2019 году Міністэрства прыроды арганізавала нараду, на якой прадстаўнікі Мінэнэрга, «Белэнэрга», ААТ «Белсельэлектрасетбуд», Навукова-практычнага цэнтру біярэсурсаў НАН Беларусі і АПБ знайшлі шляхі яе вырашэння.
Цяпер спецыялісты «Белсельэлектрасетбуду» ужо заканчваюць працу над стандартам слупоў з буслянкамі, якімі будуць замяняцца звычайныя слупы, якія падабаліся буслам. У красавіку канчатковы варыянт накіруюць у «Белэнэрга», і там сваім загадам увядуць яго ў дзеянне.
эж