Беларуская Служба

У Беларусі выпушчаны новы гістарычны атлас

06.06.2020 18:23
Гістарычны атлас аб’ёмам 336 старонак на беларускай мове выпушчаны накладам 1 тыс. асобнікаў
У Беларусі выпушчаны новы гістарычны атласфота: Дзяржаўны камітэт па маёмасці

У Беларусі выпусцілі новы гістарычны атлас, паведамілі БелТА ў прэс-службе Дзяржаўнага камітэта па маёмасці.

«Аддрукаваны і паступіў у продаж новы атлас, распрацаваны РУП «Белкартаграфія» сумесна з вядучымі навукоўцамі краіны на аснове ўнікальнага чатырохтомнага «Вялікага гістарычнага атласа Беларусі» (2009-2018)», — адзначылі ў прэс-службе.

Стваральнікі пастараліся найбольш поўна паказаць гістарычнае мінулае — ад з’яўлення першага чалавека на беларускіх землях да цяперашняга часу. У кожнай з чатырох частак атласа паказаная сацыяльна-эканамічная эвалюцыя грамадства, яго палітычная і ваенная гісторыя, этнічныя працэсы, станаўленне і развіццё рэлігійных адносін.

Першая частка ахоплівае перыяд ад з’яўлення першых людзей на тэрыторыі Беларусі да сярэдзіны XVI стагоддзя, калі ў выніку Люблінскай уніі (1569 г.) Вялікае Княства Літоўскае ўвайшло ў склад Рэчы Паспалітай. Другая частка атласа адлюстроўвае перыяд з моманту ўтварэння Рэчы Паспалітай да спынення існавання гэтай дзяржавы ў 1795 годзе. Трэцяя частка прысвечана перыяду знаходжання беларускіх зямель у складзе Расійскай Імперыі з 1772 да пачатку 1917 года. У чацвёртай частцы паказаны шлях станаўлення і развіцця беларускай нацыянальнай дзяржаўнасці ў ХХ — пачатку ХХІ стагоддзя.

Як распавялі ў «Белкартаграфіі», атлас разлічаны на шырокае кола чытачоў і адрасаваны тым, хто займаецца навуковымі даследаваннямі, арганізацыяй вучэбна-адукацыйных працэсаў у вышэйшых і сярэдне-спецыяльных установах, школах, а таксама падрастаючаму пакаленню, якое хоча спазнаць свет.

Гістарычны атлас аб’ёмам 336 старонак на беларускай мове выпушчаны накладам 1 тыс. асобнікаў. Яго можна замовіць і ў электронным выглядзе.

вс