19 чэрвеня авіякампанія «Белавія» аднаўляе наўпроставыя рэйсы з Мінску ў Харкаў і назад. Пералёты будуць выконвацца штодзень, перадае «Радыё Свабода».
Раней з беларускай сталіцы ўжо можна было адляцець у Кіеў, Адэсу, таксама анансуюцца палёты ў Львоў.
Пры гэтым пасажыры мусяць выконваць шэраг патрабаванняў. У прыватнасці, для ўезду ва Украіну неабходны страхавы поліс, а для асобаў з праблемных з прычыны каранавірусу тэрыторыяў – самаізаляцыя. Асобы без масак на пасадку не дапускаюцца.
Выключэнне зробленае для супрацоўнікаў дыпламатычных прадстаўніцтваў і міжнародных місіяў; чальцоў экіпажаў транспартных сродкаў, паветраных, марскіх суднаў і лакаматыўных брыгадаў, калі няма падставаў меркаваць, што яны былі ў кантакце з хворым COVID-19.
У сваю чаргу, іншаземцам, якія прыляцелі ў Беларусь, неабходна будзе прайсці тэмпературны скрынінг і абавязковую 14-дзённую самаізаляцыю. Таксама замежным грамадзянам запатрабуецца медычная страхоўка, якая пакрывае лячэнне COVID-19.
Цяпер кампанія «Белавія» ажыццяўляе палёты ў аэрапорты двух дзясяткаў краін свету. Як вынікае з электроннага табло мінскага аэрапорта, у гэтым пераліку Адэса, Амстэрдам, Барсэлона, Брусель, Будапэшт, Берлін, Ерэван, Кіеў, Кішынэў, Лондан, Мілан, Парыж, Прага, Рым, Стакгольм, Стамбул, Тырана, Тэль-Авіў, Франкфурт-на-Майне, Хельсінкі ды іншыя.
эж