Цяпер, калі Беларусь уваходзіць у кампанію па выбарах прэзідэнта, асабліва важна, каб асноўныя правы і свабоды былі цалкам выкананыя. Такое меркаванне ў каментары БелаПан выказаў амбасадар ЕЗ у Беларусі Дырк Шубель.
«Мы занепакоеныя нядаўнімі дзеяннямі, распачатымі супраць Віктара Бабарыкі, і заклікаем да поўнага выканання законнасці. Спадзяюся таксама, што праваахоўныя органы расследуюць ананімныя тэлефонныя пагрозы, якія паступілі на адрас патэнцыйнай кандыдаткі Святланы Ціханоўскай, і прыцягнуць вінаватых да адказнасці», – адзначыў дыпламат.
Ён дадаў, што занепакоены і паведамленнямі пра выпадкі жорсткага абыходжання з боку сіл правапарадку, а таксама пра дрэнныя ўмовы ўтрымання асобаў, арыштаваных за ўдзел у мірных акцыях пратэсту, што прайшлі з 6 мая па 10 чэрвеня.
Шубель заклікаў улады Беларусі неадкладна вызваліць усіх затрыманых актывістаў і выконваць міжнародныя абавязкі згодна з Канвенцыяй ААН супраць катаванняў, удзельнікам якой з'яўляецца Беларусь.
Еўрапейскі дыпламат нагадаў, што ад таго як пройдуць гэтыя выбары, будзе залежыць далейшае развіццё шматбаковых адносінаў з Захады з Беларуссю.
эж