Мінскі гарадскі цэнтр гігіены і эпідэміялогіі зняў забароны на выкарыстанне вады ў Фрунзенскім і Маскоўскім раёнах беларускай сталіцы. Спецыялісты цэнтру будуць круглыя суткі працягваць маніторынг якасці і бяспекі пітной вады ў горадзе, паведамляе «Еўрарадыё».
Вада на паўднёвым захадзе Мінска сапсавалася раніцай 24 чэрвеня. Першымі гэта адчулі жыхары мікрараёнаў «Сухарава» і «Малінаўка». Цягам дня брудная вада дацякла да цэнтру сталіцы. На яе скардзіліся нават жыхары паўночных раёнаў.
Ад уладаў тым часам прыходзілі супярэчлівыя сігналы. Увечары на дзяржаўным тэлебачанні выйшаў сюжэт пра тое, што вада ў норме па ўсіх паказчыках, акрамя паху. Глыбока ўночы на 25 чэрвеня з'явілася абвестка, што ваду з-пад крана піць нельга. Раніцай – іншае паведамленне: вада ізноў у норме, праблемы толькі з пахам. Але паралельна былі апублікаваныя дакументы, згодна з якімі ў вадзе знайшліся нафтапрадукты.
Удзень 25 чэрвеня чыноўнікі правялі прэс-канферэнцыю. Але сказаць, што здарылася, не змаглі. На падʼездах дамоў зʼявіліся абвесткі, што вада небяспечная. Так сітуацыя пратрывала яшчэ два дні. Мінчукі стварылі валанцёрскую ініцыятыву каб дапамагаць з вадой тым, хто не можа сам паклапаціцца пра сябе. Таксама быў арганізаваны падвоз пітной вады, у спальных раёнах утварыліся вялізарныя чэргі.
27 чэрвеня забарона на карыстанне вадой афіцыйна была знятая. А ўжо 28 чэрвеня намеснік прэм’ер-міністра Уладзімір Кухараў паведаміў, што ўрад вырашыў вызваліць ад аплаты паслугі за водазабеспячэнне за чэрвень жыхароў Мінску, у кватэры якіх паступала вада, што не адпавядала спажывецкім якасцям.
эж