Рада Беларускай Народнай Рэспублікі выступіла з заявай, у якой звярнула ўвагу на небяспеку кантактаў паміж кіраўнікамі Беларусі ды Расіі, паведамляе Белсат.
Рада БНР раскрытыкавала закрытыя непублічныя кантакты паміж рэжымамі Аляксандра Лукашэнкі і Уладзіміра Пуціна і ў прыватнасці запланаваную на 30 чэрвеня іх сустрэчу ў расійскім Ржэве.
«Ліквідацыя дзяржаўнага суверэнітэту Беларусі і далучэнне тэрыторыі Беларусі застаецца доўгатэрміновай мэтай агрэсіўнага нацыяналістычнага рэжыму, які пануе ў цяперашняй Расіі», – гаворыцца ў заяве.
У ёй падкрэсліваецца, што «Лукашэнка прыйшоў да ўлады і ўсталяваў свой аўтарытарны рэжым як праваднік інтарэсаў рэваншысцкіх колаў у Расіі» і «выжываў выключна дзякуючы эканамічнай і палітычнай падтрымцы з боку Расійскай Федэрацыі».
«У цяперашні час пандэмія каранавіруса і эканамічны крызіс падкасілі папулярнасць аўтарытарнага кіраўніцтва як у Беларусі, так і ў Расіі. Гэта адбылося ў вырашальны для абодвух рэжымаў момант, калі ў Беларусі ідзе кампанія па выбарах прэзідэнта, а ў Расіі адбываецца галасаванне па новай Канстытуцыі, якая мае яшчэ больш умацаваць аўтарытарны характар палітычнага рэжыму ў краіне», – заявілі ў Радзе БНР.
Паводле заявы, беларускае грамадства павінна аказаць ціск на ўлады Беларусі і не дапусціць здачу Лукашэнкам суверэнітэту Беларусі ў абмен на чарговую дапамогу з боку Расіі.
Рада БНР таксама заклікала ўлады Беларусі неадкладна вызваліць усіх арыштаваных палітыкаў, актывістаў, журналістаў і блогераў, а таксама правесці свабодныя і дэмакратычныя выбары ва ўсе органы ўлады ў адпаведнасці з міжнароднымі стандартамі.
ав