Праваабаронцы канстатуюць рэзкае скарачэнне месцаў для перадвыбарнай агітацыі ў параўнанні з мінулымі кампаніямі, што сур’ёзна абмяжоўвае як правы патэнцыйных кандыдатаў у прэзідэнты, так і правы выбаршчыкаў. Такая выснова змяшчаецца ў справаздачы кампаніі „Праваабаронцы за свабодныя выбары”, паведамляе „Свабода”.
Як адзначаюць назіральнікі, рашэнні аб месцах правядзення агітацыйных масавых мерапрыемстваў прынятыя выканкамамі насуперак пазіцыі ЦВК, якая рэкамендавала вызначаць любыя не забароненыя адрасы. Цяперашнія лакацыі альбо не прыдатныя для такіх мэтаў, альбо мала наведваюцца. Некаторыя знаходзяцца ў дрэннай транспартнай даступнасці, да іх няма як дабрацца, асабліва выбарнікам старэйшага ўзросту.
Падтрымаў крытыку і адзін з прэтэндэнтаў на найвышэйшую пасаду Андрэй Дзмітрыеў.
„Лічу, што для правядзення пікетаў і сустрэчаў з выбаршчыкамі павінны быць вызначаны тыя ж месцы, якія былі для збору подпісаў. Выканкамы лічаць інакш і прапісалі месцы маланаведвальныя, далёкія ад цэнтру. А недзе наогул не вызначылі, напрыклад у Фаніпалі. Чарговая насмешка ўладаў?”, — перапытвае палітык.
Андрэй Дзмітрыеў заявіў, што праз суд абскардзіць рашэнне Менгарвыканкаму з патрабаваннем выконваць Выбарчы кодэкс: права свабоднага і ўсебаковага абмеркавання перадвыбарных праграмаў кандыдатаў, іх палітычных, дзелавых і асабістых якасцяў, правядзення агітацыі за ці супраць кандыдата на сходах, мітынгах, у сродках масавай інфармацыі, а таксама падчас сустрэчаў з выбаршчыкамі.
аз