Другі па ліку раз пад наглядам выканаўчай улады берасцейцы абмеркавалі правядзенне рэферэндумa па акумулятарным заводзе, паведамляе „Радыё Рацыя”.
Прымусова іх запрасілі на дыялог да прадстаўнікоў брэсцкага раённага выканаўчага камітэта, заставацца на плошчы забараніў АМАП, – паведаміў праваабаронца Раман Кісляк:
– Быў сход – сустрэча з прадстаўнікамі Брэсцкага райвыканкама. Калі ў мінулыя выходныя людзі сустракаліся з прадстаўнікамі Брэсцкага гарвыканкама, то цяпер сустракаліся з прадстаўніком Брэсцкага райвыканкама, старшынём Уладзімірам Сенчуком і намеснікам Паўлам Валынцом. Размова ішла пра арганізацыю рэферэндуму на тэрыторыі Брэсцкагараёна. Былі дзве асноўныя прапановы – правесці рэферэндум толькі на тэрыторыі Тэльмінскага сельскага савета альбо на тэрыторыі некалькіх, якія знаходзяцца непадалёк ад завода.
Агулам у сустрэчы па рэферэндуме брала ўдзел каля сотні чалавек. Яшчэ адна частка прынцыпова не ходзіць на такія мерапрыемствы, паколькі не лічыць працэдуру мэтазгоднай.
Эколагі і жыхары Брэста ўжо даўжэйшы час пратэстуюць супраць будаўніцтва акумулятарнага заводу. Між іншым, па нядзелях выходзяць на мірную акцыю кармлення галубоў, каб такім чынам выказаць сваё стаўленне да шкоднай хімічнай вытворчасці, якую плануюць запусціць у горадзе.
аз