Юлію Сліўко рабочыя прадпрыемства «Гроднапрамбуд» абралі старшынём страйкама. У яе бок пасыпаліся пагрозы ад невядомых. Пагражалі нават яе 12-гадоваму сыну. Яна яго схавала, але ёй уся роўна страшна.
Юлія Сліўко працуе тынкоўшчыцай на прадпрыемстве «Гроднапрамбуд» 13 год, адна гадуе 12-гадовага сына. Да сёлетніх падзей была ў жыцці чалавекам апалітычным, але пасля таго, як на свае вочы пабачыла, як збілі людзей, якія з ёй разам працуюць, заставацца ў баку не магла.
Рабочыя на прадпрыемстве, дзе яна працуе, стварылі страйкам і абралі яе кіраўніком. Спачатку пагрозы пачаліся з боку адміністрацыі, маўляў будзеце звольненыя, у вас ва ўсіх крэдыты і г.д.
Пасля пасыпаліся пагрозы ад невядомых. Тэлефануюць звычайна ўначы з тэлефонаў са схаванымі нумарамі.
«Пачалі пагражаць, што я павінна замоўкнуць. Што ў мяне дзіця па вуліцы ходзіць і ці мала што яму можа ўпасці на галаву. Дзіця я схавала, але наколькі эфектыўна – пакажа час».
Юля звярнулася з заявай у міліцыю, але вынікаў пакуль няма, а пагрозы працягваюцца. Ізноў тэлефануюць уначы, паводзяць сябе нахабна. З працы таксама тэлефануюць і цікавяцца – калі яна пісала заяву на звальненне, хаця такой заявы яна не пісала. Але цяпер кажа, што ўсё ж давядзецца звальняцца.
Алесь Завіноўскі