З сямі членаў Прэзідыума Каардынацыйнай рады на волі ў Беларусі засталася толькі нобелеўскі лаўрэатка Святлана Алексіевіч. У гэтай сітуацыі пісьменніца звярнулася з адкрытым лістом, у якім напісала:
«Ужо не засталося нікога з маіх сяброў-аднадумцаў у прэзідыуме Каардынацыйнай рады. Усе ці ў турме, ці выкінутыя за мяжу. Сёння ўзялі, апошнім, Максіма Знака.
Спачатку ў нас скралі краіну, цяпер выкрадаюць найлепшых з нас. Але на месца выдраных з нашых шэрагаў, прыйдуць сотні іншых. Паўстаў не Каардынацыйны камітэт. Паўстала краіна. Я хачу паўтарыць тое, што гавару заўжды.
Мы не рыхтавалі перавароту. Мы хацелі не дапусціць да расколу ў нашай краіне. Мы хацелі, каб у грамадстве пачаўся дыялог. Лукашэнка кажа, што не будзе размаўляць з вуліцай, а вуліца – гэта сотні тысяч людзей, якія кожную нядзелю і кожны дзень выходзяць на вуліцу. Гэта не вуліца. Гэта народ.
Людзі выходзяць на вуліцу са сваімі маленькімі дзецьмі, бо яны вераць, што яны перамогуць.
А свайму народу я хачу сказаць, што я люблю яго. Я ганаруся ім».
Святлану Алексіевіч сёння наведалі замежныя дыпламаты. Польшчу прадстаўлаяў Марцін Вайцяхоўскі.
Пісьменніца сёння таксама сустрэлася з журналістамі ля дзвярэй сваёй кватэры. Алексіевіч раскрытыкавала Расію за яе пазіцыю ў адносінах да Беларусі.
«Расія можа згубіць Беларусь. Яна нават, калі захопіць тэрыторыю, то не захопіць народу, яна губіць сваіх братоў. Беларусы заўсёды лічылі рускіх сваімі братамі. Калі такой будзе палітыка Расіі, то, як спяваюць у песні, мы ўжо не браты».
Алексіевіч звярнулася таксама да расійскай інтэлігенцыі: Чаму вы маўчыце? Мы чуем толькі рэдкія галасы ў падтрымку. Чаму вы маўчыце, калі бачыце, як растоптваюць маленькі, горды народ?
яс