Затрыманні ўдзельнікаў мірных акцый у Беларусі працягваюцца больш за месяц. Нягледзячы на гэта, людзі працягваюць пратэставаць. Для прыкладу, у Маладзечне зладзілі акцыю салідарнасці з ахвярамі гвалту каля Чырвонага касцёла.
Каля 50 чалавек сталі ў ланцуг. Некаторыя былі з нацыянальным беларускім сцягам.
Акцыя доўжылася каля гадзіны. За гэты час перад удзельнікамі некалькі разоў праходзілі міліцыянеры, якія здымалі ўдзельнікаў на відэа і казалі, што яны здзяйсняюць незаконныя дзеянні.
Пасля акцыі затрымалі мужчыну з бел-чырвона-белым сцягам Алега Цітарэнку і чатырох жанчын. Жанчын пачалі выпускаць па чарзе каля 11 гадзін вечара пасля складання пратаколаў. Усім інкрымінавалі ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве.
У міліцыі ў іх патрабавалі паказаць у тэлефонах сацыяльныя сеткі разглядалі іх змесціва, а самі тэлефоны забіралі. Алег Цітарэнка правёў ноч у міліцыі. Сёння вечарам над ім адбыўся суд. Яму далі штраф у 25 базавых велічынь за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве.
Для Беларускай Службы Польскага радыё для замежжа Ігар Палынскі, Маладзечна
слухайце аўдыёфайл