У нядзелю ідзе ўжо 36-ы дзень пратэстаў супраць фальсіфікацыі прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі і дэманстрацыяў з патрабаваннем адстаўкі Аляксандра Лукашэнкі. Як кожныя выходныя цягам апошніх некалькіх тыдняў, у нядзелю таксама адбыўся марш супраць гвалту сілавікоў і фальсіфікацыі вынікаў галасавання – Марш герояў.
Мы звязаліся па тэлефоне з нашым карэспандэнтам Эдуардам Жолудам, які прыняў удзел у шэсці.
- Пачатковы план быў зменены. Людзі пачалі збірацца ў розных кутках, не ў цэнтральнай частцы гораду, і накіроўвацца маршам у бок Драздоў. Калона дзясяткаў тысяч чалавек выйшла з боку станцыі метро Пушкінская і выйшла на праспект Пераможцаў. Натоўп каля Мінск-Арэны разагналі аўтазакі. Былі дзясяткі аўтазакаў, спецтэхнікі. Сілавікі паводзілі сябе вельмі агрэсіўна, кідаліся на жанчын, мужчын, усіх хапалі, хто не паспеў уцячы. Але потым людзі зноў выходзілі з двароў, устаноў гандлю і станавіліся ў калоны.
У Мінску затрыманні пачаліся яшчэ перад маршам, які быў прызначаны на 14 гадзін паводле мінскага часу. Як паведамляе Праваабарончы цэнтр «Вясна», найбольш масавыя затрыманні адбыліся на праспекце Дзяржынскага каля гатэля «Рэнесанс» і на вуліцы Маякоўскага.
нг