З пачатку пратэстаў 9 жніўня ў Беларусі затрымана больш за 10 500 чалавек. Гэта найбольш маштабная паліцэйская аперацыя ва Ўсходняй Еўропе з 1940-х гадоў. За паўтара месяца ў Беларусі праз турмы па палітычных матывах прайшло больш за 0,11% насельніцтва.
Пратэсты – гэта палітычная самаабарона грамадства ў Беларусі, кажа палітолаг Павал Усаў.
- Людзі катэгарычна супраць таго, каб Лукашэнка застаўся пры ўладзе. Яны разумеюць, што калі спыняць пратэсты – гэта прывядзе да пашырэння рэпрэсіяў. На дадзены момант пратэст – гэта самаабарона для грамадзянаў. Спіраль супрацьстаяння з уладай будзе даволі доўга працягвацца.
На акцыі пратэсту двух апошніх месяцаў у Мінску выходзіла прыкладна ў 6 разоў больш людзей, чым на самыя вялікія пратэсты ў ранейшыя гады. У рэгіёнах жа пратэстуе ў дзясяткі разоў больш людзей, чым у мінулыя гады. І ніколі раней пратэсты не трывалі так доўга.
юл