Традыцыйна гродзенцы ў нядзелю збіраліся на вуліцы Савецкай побач з Маладзёжным цэнтрам. Людзей сёння было менш чым звычайна – каля тысячы чалавек.
Рабочы Мечыслаў распавёў, што прыходзіць на акцыі кожную нядзелю. Ён лічыць, што ў краіне павінна быць адноўлена справядлівасць.
- Праўда на нашым баку і мы не хочам ніякай вайны, беспарадкаў – мы хочам, каб нас пачулі. Нас падманулі, не далі правесці нармальных прэзідэнцкіх выбараў.
Калона пратэстоўцаў намервалася прайсці да плошчы Леніна, але шлях перакрыў АМАП. Рушылі ў адваротны бок – і плошчу Савецкую перакрыў АМАП.
Дэманстрантаў выціснулі на праезджую частку вуліцы Вялікай Траецкай, а калі яны ўжо набліжаліся да Віленскай АМАП акружыў іх з двух бакоў і пачаўся хапун.
Затрымана некалькі дзясяткаў чалавек. Акцыя была разагнана практычна ў самым яе пачатку.
Відавочцы адзначаюць сёння вялікую колькасць людзей у чорным, якія затрымлівалі пратэстоўцаў і цягнулі ў аўтазакі. Асобныя групы пратэстоўцаў спрабавалі арганізавацца ў іншых месцах гораду, але масавай акцыі больш не атрымалася.
Алесь ЗАВІНОЎСКІ