Беларусь – без палітычных зняволеных! Абвешчана пра стварэнне ініцыятывы «Вызваленне-2020». Пра гэта паведамляе праваабарончы цэнтр «Вясна».
У Мінску адбылася сустрэча родных зняволеных па палітычна матываваных крымінальных справах. Падчас сустрэчы было абвешчана пра стварэнне грамадзянскай ініцыятывы па вызваленні ўсіх беларускіх палітвязняў «Вызваленне-2020».
Мэта такой ініцыятывы – данесці голас родных палітычных зняволеных да беларускага і міжнароднага грамадства, арганізаваць супольныя дзеянні па падтрымцы адзін аднаго, умацаваць салідарнасць усяго грамадства. Колькасць палітвязняў у Беларусі з пачатку сёлетняй прэзідэнцкай кампаніі беспрэцэдэнтная – праваабаронцамі прызнаныя ўжо каля 100 чалавек (на 26.10.2020).
Па інфармацыі Генпракуратуры на дадзены момант заведзена звыш 500 крымінальных спраў супраць удзельнікаў паслявыбарчых мірных акцый пратэсту. На самой справе колькасць падазраваных і абвінавачаных па палітычных матывах значна большая.
Падчас сустрэчы было прапанавана наладзіць камунікацыю паміж сваякамі, па магчымасці, усіх абвінавачаных па палітычна матываваных крымінальных справах, даведацца патрэбы і праблемы кожнага зняволенага, іхніх сем’яў, аказаць маральную падтрымку. Родныя палітычных зняволеных перакананыя, што супольныя намаганні больш эфектыўныя і выніковыя ў справе вызвалення палітычных вязняў.
Ініцыятары кампаніі звяртаюцца да ўсіх родзічаў палітычных зняволеных далучацца як мага хутчэй! «Наш голас, – перакананыя яны, – павінен быць пачуты».
Кантакты ініцыятывы «Вызваленне-2020»:
viazni2020@gmail.com – электронная пошта ініцыятывы
@viazni2020_bot – зваротная сувязь у Telegram
ав