Доктар гістарычных навук Алесь Краўцэвіч выйшаў на свабоду.
Яго асудзілі за ўдзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве і аштрафавалі на 465 рублёў. Да ўсяго ён трое сутак праседзеў у ізалятары. У сувязі з затрыманнем прафесара Краўцэвіча навукоўцы прынялі адмысловую заяву.
Ужо ў панядзелак пасля затрымання доктара гістарычных навук Алеся Краўцэвіча з’явілася адмысловая заява навукоўцаў Беларускага гістарычнага таварыства.
У ёй падкрэслівалася аб Канстытуцыйных правах грамадзян Беларусі на мірныя пратэсты, гаварылася аб навуковых дасягненнях гісторыка Краўцэвіча і было выстаўлена патрабаванне неадкладнага вызвалення яго ды іншых незаконна затрыманых 25 кастрычніка грамадзян Беларусі.
Пад заявай, падпісаліся 125 навукоўцаў з Беларусі, Польшчы, Украіны, Ізраіля і Канады.
Улады на гэта адрэагавалі тым, што гісторык прасядзеў трое сутак у камеры і быў асуджаны на 10 базавых велічынь.
Аднак з-за кратаў прафесар выйшаў не падаўленым. У судзе не адвяргаў свайго ўдзелу, але вінаватым сябе не прызнаў.
«Я - грамадзянін Рэспублікі Беларусь, і абавязаны выступаць супраць няправільнай улады. Выступіў з пратэстам супраць нячэсных выбараў і супраць гвалту на нашых вуліцах», - сказаў навуковец.
Прафесар Краўцэвіч выкладае ў Варшаўскім універсітэце.
Алесь Завіноўскі, Гродна
Гісторыка прыйшлі сустракаць калегі і грамадскія актывісты