Крымінальная справа ў дачыненні да Сяргея Ціханоўскага і яго каманды палітычна матываваная, сцвярджае ініцыятыва BYPOL і прыводзіць шэраг доказаў, перадае «Еўрарадыё».
Паводле звестак аўтараў расследавання, распрацоўка Ціханоўскага супрацоўнікамі беларускіх праваахоўных органаў вялася задоўга да затрымання блогера. Падставы для ўзбуджэння крымінальнай справы шукалі прадстаўнікі ГУБАЗіК, аднак знайсці так нічога так і не змаглі.
«У сувязі з гэтым было прынятае рашэнне аб арганізацыі супраць яго правакацыі. Загад аб гэтым быў аддадзены асабіста былым міністрам унутраных спраў Караевым Юрыем Хаджымуратовічам», – сцвярджаюць аўтары расследавання з BYPOL.
Для ўдзелу ў правакацыі прыцягнулі прастытутку па мянушцы «Ламбада», якая «супрацоўнічала на канфідэнцыйнай аснове» з адным з оперупаўнаважаных, кажуць у BYPOL. Пасля канфлікту з гэтай жанчынай у Гродна, нагадаем, Ціханоўскі быў затрыманы і да гэтага часу знаходзіцца ў зняволенні.
У распараджэнні BYPOL таксама аказаўся аўдыязапіс выказванняў Юрыя Караева пра Ціханоўскага. Былы кіраўнік МУС называе блогера «быдлаганам», які хацеў разгайдаць краіну – ездзіў па праблемных месцах і крытыкаваў уладу.
эж