Беларуская Служба
Дадай у Google

Дадайце нас у абраныя крыніцы ў Google, каб нашы навіны заўсёды былі сярод першых вынікаў вашага пошуку

Смаргонскі пракурор запрасіў 3 гады “хіміі” за нібыта паклёп на міліцыянтаў

30.12.2020 06:13
Смаргонскага прадпрымальніка Рамана Улана вінавацяць у паклёпе на 7 супрацоўнікаў міліцыі. Улан свае віны не прызнае.
Ілюстрацыйны здымакImage by Inactive_account_ID_249 from Pixabay/CC0

Згодна з матэрыяламі справы ў Смаргоні былі расклееныя ўлёткі з інфармацыяй аб супрацоўніках міліцыі, якія паводле тых, хто іх клеіў, ілжэсведчылі ў судах на ўдзельнікаў пратэстных акцый.

Улан сфатаграфаваў гэтыя ўлёткі і змясціў здымкі ў адным з каментароў у сацыяльных сетках.

Літаральна праз дзень яго затрымалі, у хаце і на працы праведзены ператрусы, узбуджана крымінальная справа.

Тым не менш, кожны з пацярпелых у якасці кампенсацыі патрабуе ад Улана па 1 тысячы рублёў.

А пракурор у сваёй прамове, паводле Улана, сказаў, што сваімі дзеяннямі той абразіў гонар міліцыі і запрасіў тры гады “хіміі” з накіраваннем ва ўстанову адкрытага тыпу.

Раман Улан лічыць, што такое патрабаванне пракурора невыпадковае.

- Яны хочуць мяне з Смаргоні выштурхнуць, каб я тут людзей ні на што не падбіваў. Мне здаецца – гэта асноўнае. 

Рашэнне суда маюць аб’явіць 5 студзеня.

Алесь Завіноўскі