Беларускія суды па ўсёй краіне перапоўненыя адміністрацыйнымі і крымінальнымі справамі – судзяць тых, хто выступае супраць рэжыму. Справа супраць жыхара Мастоўскага раёну здзівіць любога сваёй шматграннасцю.
Прэс-служба Гродзенскай абласной міліцыі паведаміла, што 38-гадовага жыхара Мастоўскага раёну будуць судзіць за цэлую серыю акцый.
Вось што ён зрабіў. Нанёс бел-чырвона-белыя лініі на дарозе побач з вёскамі.
Падвесіў пудзіла ў міліцэйскай форме пад навесам на аўтобусных прыпынках і пакінуў надпісы.
У лесе паміж Мастамі і Правымі Мастамі намаляваў на 33 дрэвах бел-чырвона-белыя сцяжкі.
У полі расставіў таблічкі ў выглядзе рытуальных надмагілляў з надпісамі, якія «дэманструюць пагарду да дзяржаўнага парадку кіравання» і побач паставіў труну з пудзілам у форме супрацоўніка міліцыі.
Пракуратура прад’явіла абвінавачванні па арт. 339 (Хуліганства і злоснае хуліганства) і па арт. 369 КК (Абраза прадстаўніка ўлады). Справа ўжо перададзена ў суд.
Насамрэч, цяжка ўявіць колькі шмат мог зрабіць адзін чалавек.
Алесь ЗАВІНОЎСКІ